Бывай, газета «Раніца»?

01.11.2011

Нядаўна ў СМІ з’явілася сумная навіна: беларускамоўная газета для дзяцей «Раніца», якая выдавалася з 1929 года, з пачаткам 2012-га спыняе сваё існаванне і становіцца дадаткам да газеты «Переходный возраст». З «Раніцай» звязаны надзвычай светлыя дзіцячыя ўспаміны. Менавіта там адбыўся мой журналісцкі дэбют. Міжволі захацелася ўзгадаць той час.


Лагатып «Раніцы». Фота з сайта газеты www.ranitsa.by

Захапленне журналістыкай пачалося даволі нечакана. Яшчэ з 1997 гады бацькі выпісвалі нам з братам дзве дзіцячыя газеты: «Раніцу», якая выдавалася на беларускай мове, і «Зорку» – адпаведна, на рускай. І вось аднойчы ў 1999 годзе ў «Раніцы» была надрукавана футбольная віктарына. Мы даволі хутка знайшлі на яе адказы і, як гэта часта здараецца, вырашылі, што можам зрабіць не горш. Таму разам з адказамі на апублікаваную віктарыну адправілі ў рэдакцыю складзеныя пытанні да сваёй.

Паколькі досведу публікацый у нас не было, ды і хваляванне прысутнічала, то правільныя адказы да сваёй віктарыны мы напісаць забыліся. Бадай, нашыя намаганні нічым бы не закончыліся, калі б не ўвага супрацоўнікаў газеты. Але 2 жніўня 1999 года да нас прыйшоў ліст ад карэспандэнта «Раніцы» Юліі Ціхановіч, у якім яна дзякавала за віктарыну, а таксама прасіла паведаміць правільныя адказы. Ліст стаў святам, сапраўднай падзеяй – і неўзабаве мы з братам адправіліся ў рэдакцыю. Яна размяшчалася на праспекце Скарыны (цяпер Незалежнасці), 77 у старым доме друку. У савецкі час там знаходзіліся ўсе найбольш буйныя выданні, ад «Звязды» да «Советской Белоруссии». Пазней на вуліцы Багдана Хмяльніцкага з’явіўся новы будынак «Дома прэсы», а ў старым засталіся выданні па культуры, дзіцячая прэса…

У «Раніцы» мы адразу патрапілі да галоўнага рэдактара, якім тады быў Міхась Дзмітрыевіч Хамец. Ён толькі нядаўна заняў гэту пасаду, а да гэтага з’яўляўся выдатным фотакарэспандэнтам. Чытачы газеты з задавальненнем разглядалі яго дасціпныя фатаграфіі, на подпісы да якіх нават праводзіліся конкурсы. Хамец і прапанаваў нам супрацоўніцтва з «Раніцай».

Паколькі футбольная віктарына ўжо з’явілася на старонках, вырашылі не паўтарацца. Неўзабаве мы склалі пытанні да шахматнай віктарыны і адправілі яе ў рэдакцыю. А 14 кастрычніка 1999 года ўпершыню ўбачылі свае прозвішчы ў подпісах пад гэтым матэрыялам. Хто не друкаваўся, ніколі не зразумее той стан эйфарыі, які ахапіў нас. Не зусім згодны з думкай Юрыя Нагібіна, але працытую яго вельмі характэрнае выказванне: «Першая публікацыя больш ярка ззяе ў памяці, чым першае каханне».

Нам пашанцавала, бо час нашых публікацый супаў з сапраўды залатым перыядам у гісторыі газеты. У два разы павялічыўся аб’ём (замест 4 старонак, ці па-журналісцку кажучы, палос, газета стала выходзіць на 8), з’явіўся колер. І галоўнае – наклад! Напрыканцы 1999 года ён складаў 30 тысяч, у пачатку наступнага павялічыўся да 42-43, а пазней, здаецца, нават дасягаў 48 тысяч асобнікаў.

Тады ў рэдакцыі працавалі Алена Грамыка, Уладзімір Пучынскі, Алена Кляшчонак, Юлія Ціхановіч… Але найбольш даводзілася кантактаваць з галоўным рэдактарам. Вельмі жыццярадасны, аптымістычны, абаяльны, Хамец умеў размаўляць з падлеткамі, цікавіцца іх жыццём і планамі. Падчас візітаў у рэдакцыю ніводнага разу не з’яўлялася адчуванне таго, што ты перашкаджаеш працы, або на цябе няма часу.

Мы з братам (практычна ўсе публікацыі падпісаны двума імёнамі) пісалі матэрыялы галоўным чынам на спартыўную тэматыку, удзельнічалі ў правядзенні віктарын і конкурсаў, часам дапамагалі рэдакцыі фатаграфіямі спартсменаў (у «Раніцы» існавала рубрыка «Падарунак фанату»). Аднойчы нават прынялі ўдзел у правядзенні латарэі «Квіток поспеху», на якую, як і астатнія юныя карэспандэнты, прынеслі свае ўласны прыз, які дапоўніў цэлы арсенал прызоў ад рэдакцыі.

Між тым, для «Раніцы» наступалі цяжкія часы, у тым ліку, і ў фінансавым плане. Памер выдання павялічыўся да 12 старонак, але наклад паступова змяншаўся (на працягу года з 20 да 10 тысяч). Калі на мяжы 2002-2003 гадоў ён скокнуў з 9,8 да 6,2 тысяч, Міхася Дзмітрыевіча зрабілі «крайнім» і прымусілі сысці. Цяжка сказаць, хто сапраўды павінен быў несці адказнасць за тую сітуацыю. Для аб’ектыўнасці скажам, што ў складаным становішчы знаходзіліся ўсе беларускамоўныя выданні.

У той час мы з братам вырашылі адмовіцца ад супрацоўніцтва з газетай. З аднаго боку, проста перараслі дзіцячую журналістыку. І перад сыходам Хамца не так часта, як раней, друкаваліся ў газеце. З другога боку, і «Раніца» змяніла ўласную канцэпцыю. Займеўшы ў 2003 годзе новае кіраўніцтва, газета пачала капіраваць стыль, манеру, канцэпцыю рускамоўнага «Переходного возраста».

З таго часу мы амаль не сачылі за развіццём «Раніцы». Тым не менш, ведаю, што яе супрацоўнікі прыкладалі шэраг намаганняў, каб крочыць у нагу з часам і быць цікавымі для падлетакаў. Напрыклад, з кастрычніка 2009 года ў газеты з’явіўся сайт.

Упэўнены, што навіна пра будучае закрыццё газеты надзвычай засмуціла ўсіх яе чытачоў, цяперашніх і былых. Няма сумненняў у тым, што існаванне «Раніцы» надзвычай неабходнае і зараз. Няўжо дзеці і падлеткі не могуць мець уласную газету на адной з дзяржаўных моваў? Калі гэты аргумент не дзейнічае, прывяду і асабісты прыклад. Калі паглядзець спіс нашых з братам публікацый у «Раніцы», нічога звыш асаблівага там не ўбачыш: звычайныя вучнёўскія матэрыялы. Але без такой вучобы, магчыма, ніколі не з’явіліся б іншыя, больш сур’ёзныя артыкулы, даследаванні, інтэрв’ю.

Я надзвычай удзячны «Раніцы» за магчымасць самарэалізацыі, лічу яе школу неабходнай для любога будучага журналіста. І з сумам усведамляю, што шэраг цяперашніх падлеткаў будзе пазбаўленыя такой магчымасці.

Няўжо нічога нельга зрабіць?

Падзяліцца ў сацыяльных сетках

Entry Filed under: Навіны
Tags: , ,

2 комментария

  • 1. rudakovskaya  |  10.04.2012 в 14:09

    Добры матэрыял, прыемна, што есць людзі, якія думаюць як і ты. Шкада «Раніцу», шчыра, сама там асвойвала азы журналістыкі. але, што рабіць, час ідзе і сумна, калі на змену літаратурнаму слову прыходзіць «превед медвед»:)

  • 2. avatar denis86  |  12.04.2012 в 09:21

    Дзякуй за водгук!
    Эх, як мне было шкада… Была частка дзяцінства – і засталася толькі ва ўспамінах.
    Спадзяюся, калі-небудзь «Раніца» будзе выходзіць зноў…

Оставить комментарий

(Required)

(Required, hidden)

*
Для того, чтобы убедиться что Вы человек, а не спам-бот, введите пожалуйста ответ.
Анти-спам выражение.

Trackback this post  |  Subscribe to the comments via RSS Feed


Пошук

Рубрыкі

Свежие комментарии

Мета

Каляндар

Ноябрь 2011
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
« Окт   Дек »
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
282930  

Архіў

Тэгі

Лічыльнік наведванняў з 28.5.2011


Закрыть